Гэта першы і пакуль адзіны ў Беларусі прыватны лялечны тэатр
«Правінцыя» нарэшце завітаў у Мінск з пастаноўкай Алега Жугжды паводле навелы
Франца Кафкі.
Тэатр праводзіць ужо трэці сезон, за гэты час ён стаў досыць
вядомы за межамі Беларусі, бо пастаянна гастралюе па Расіі, Польшчы, Літве і
краінах Еўропы.
«У Беларусі Кафку не ставілі не толькі лялечнікі, але і
драматычныя тэатры», — адзначае дырэктар тэатра Дзмітрый Гайдэль. У спектаклі
задзейнічаныя Віталь Лявонаў (Грэгар), які таксама напісаў музыку да гэтага
спектакля, Наталля Дацэнка (Грэта), Ларыса Мікуліч (маці), Дзмітрый Гайдэль
(бацька).
Няма сэнсу пераказваць сюжэт вядомага твора, дастаткова
сказаць, што ў спектаклі перададзеныя яго асноўныя перыпетыі. У прынцыпе, усё
можна звесці да вядомай тэзы, што ад кахання да нянавісці — адзін крок.
Камернасць формы прадугледжвае моцнае набліжэнне гледача да
таго, што адбываецца на сцэне, адпаведна, глыбокае асабістае перажыванне.
Удала абыграныя метамарфозы сноў Грэгара, якія дадаюць
трагічнасці аповеду: у сне ў пачатку гісторыі ён цягнецца да жанчыны з яблыкам
у руцэ, потым (ужо ў выглядзе насякомага) — да яблыка ў жанчыны у руцэ, а ў
канцы жанчына ператвараецца ў Смерць, якая прымае яго ў свае абдымкі.
Дзеянне — бесперапыннае і пазачасавае — навеянае
меланхалічнымі гукамі кропляў, што падаюць аднекуль зверху і трапляюць у
лужыну, вакол якой і адбываюцца ўсе падзеі спектакля. Амаль што ўвесь спектакль
пабудаваны на паўторы імені галоўнага героя (як «ку» ў Данэліі ў «Кін-дза-дза»
азначае ўсе астатнія словы), так і «Грэгар”», што прамаўляецца з рознымі
інтанацыямі.
Асобна трэба сказаць пра лялькі-марыянеткі, створаныя
майстрам сваёй справы Валерыем Рачкоўскім: яны такія кранальныя і «жывыя».
Узяць, да прыкладу, тройцу габрэяў, якія прыйшлі да Замзаў на пастой. Вельмі
цікавая вынаходка — лялька, якая ўвасабляе сабой персанаж Грэты (сястры
Грэгара), раскладваецца напалову, і на ёй, як на музычным інструменце, граюць
пастаяльцы.
«Лялькі ажываюць, калі ідзе спектакль, калі яны знаходзяцца
ў руках майстра», — лічыць лялькавод Ларыса Мікуліч. Будзем чакаць наступнага
ажыўлення.
Зарына Кандрацьева
Крынiца: Будзьма разам!
0 ком:
Отправить комментарий